Вам - заданне стр. 7
ўвівалася, але спадабаўся ёй не свой вясковы хлопец, а Пётр. Яна ведала, што падчас службы змагаўся малады баец з бандамі басмачоў, а калі ўпершыню ўбачыла і зазірнула ў яго чорныя вочы, то зразумела, што наступіла і яе чарга.
Так задумалася маці, што і не заўважыла, калі падышлі да яе дзеці. А яны сталі побач і з трывогай глядзяць на яе.
Таццяна паднялася і ўсміхнулася:
— Ну, што, родненькія, засумавалі? Хадзем, я вас пакармлю.
І яна, абдымаючы Ванюшку і Юльку за худзенькія плечкі, павяла іх да хаты.
Аляксей Купрэйчык
З таго нядзельнага дня, калі вяселле не адбылося, прайшло не шмат часу, але ўсё здавалася такім далёкім, памяталася смутна: слёзы бацькоў, Надзі, хуткая язда на спадарожным грузавіку ў горад, які сустрэў яго ўжо клубамі дыму. Гарэлі жылыя дамы і будынак яшчэ дарэвалюцыйнай фабрыкі.
Купрэйчык заскочыў у інтэрнат, змяніў святочны касцюм на мундзір і адразу ж накіраваўся да месца службы. Упраўленне настройвалася на ваенны рэжым работы. У ліхаманкавай мітусні прайшла ноч, а ранкам наступнага дня да Аляксея прама ва ўпраўленне прыбегла Надзя.
Яны выйшлі з будынка і селі на лаўку ў скверы. Аляксей сумна пажартаваў:
— Дзіўна ў нас складваецца сямейнае жыццё: па дакументах мы з табою муж і жонка, а ў сапраўднасці?
Надзя густа пачырванела, і на вачах у яе нечакана нагарнуліся слёзы.
— Мілы, вайна ўсё адкладвае. Я ж медыцынскі работнік і іду на фронт.
Аляксей у разгубленасці ўскочыў:
— Як на фронт? А я?
Надзя за руку пасадзіла яго на лаўку і, уткнуўшыся тварам у яго грудзі, гучна расплакалася:
— Лёшачка, родны, я такая была шчаслівая, я так кахаю цябе... Вайна праклятая раз’ядноўвае нас. Але я клянуся табе, што да канца свайго жыцця, чуеш, да канца, буду верная табе.
Больш Надзя не змагла гаварыць. Яна гучна плакала, абдымаючы Аляксея.
Ён як мог угаворваў яе. Калі Надзя супакоілася, яны дамовіліся, што сустрэнуцца на наступны дзень, калі яна ў ваенкамаце атрымае накіраванне. Як складзецца яго лёс, Аляксей пакуль таксама не ведаў.
Праводзіўшы жонку, ён пайшоў ва ўпраўленне. Па дарозе думаў: «Калі Надзя на фронт, то і мне трэба туды неадкладна. Прыйду і адразу ж напішу рапарт. Я служыў у войску, і зараз маё месца там!»
Але вайна часта паварочвае лёсы людзей зусім не так, як яны хацелі б самі.
Да вечара вялікая група супрацоўнікаў міліцыі, у якую ўваходзіў і Купрэйчык, была тэрмінова накіравана на знішчэнне нямецкага дэсанта. Гэты дэсант быў скінуты з самалётаў на лес, які знаходзіўся недалёка ад горада. Трое сутак супрацоўнікі міліцыі з дапамогай чырвонаармейцаў прачэсвалі лес, знішчалі дэсантнікаў.
У перастрэлцы Купрэйчык быў паранены. Аляксей абыходзіў бокам густы хмызняк, з якога кароткімі злымі чэргамі агрызаўся дэсантнік. Нечакана наперадзе, метрах у васьмідзесяці, мільганула постаць яшчэ аднаго гітлераўца, ён відавочна хацеў уцячы у глыб лесу. Аляксей ускінуў вінтоўку і стрэліў, фашыст зваліўся. Купрэйчык вырашыў абысці аўтаматчыка, які адстрэльваўся з хмызняка, з тылу. А немец, які толькі што зваліўся, нечакана стрэліў. Купрэйчык адчуў моцны штуршок у плячо і, завальваючыся на левы бок, паваліўся ў траву.
Не верачы, што паранены, Аляксей адшукваў вачамі месца, дзе павінен ляжаць фашыст, але туды з усіх бакоў кінуліся